«Эх, ROCKнем!» з группамі “Столле” і “LSD”

Днямі ў музычным цэнтры “Панарама” адбыўся канцэрт самых папулярных лідскіх рок – груп “Столле” і “LSD”. Дадзенае мерапрыемства праходзіла ў рамках рок – фетывалю з экстравагантнай назвай “Эх, ROCKнем!”, арганізаванага мазырскай АРТ –Студыяй. Дарэчы, на прафесійным музычным рынку Беларусі гэта фірма з’яўляецца адзінай, аснашчанай па апошніх сусветных стандартах студыяй, і працуе яна толькі з высакакласнымі прафесіяналамі. Вельмі прыемна, што лідскія рок – групы аднеслі да іх ліку. Група “LSD” афіцыйна працуе пры гарадскім музычным цэнтры “Панарама” (кіраўнік і вакаліст Сяргей Карпенка), група “Столле” – пры шклозаводзе “Нёман” (кіраўнік, вакаліст, гітарыст і аўтар усіх кампазіцый – Віктар Лебедзевіч). Напярэдадні і пасля канцэрта я ўзяла інтэрв’ю й музыкантаў і прадюсера груп (вытрымкі з іх прыводзяцца ніжэй), а напачатку хацелася б падзяліцца сваімі ўраджаннямі ад канцерта. Я – не прыхільніца і не знаўца рок – музыкі, хаця ў свой час вельмі хацела яе зразумець. У выніку цалкам прыняла Андрэя Макарэвіча (часткова – з салідарнасці, бо па першых прафесіях мы з ім -калегі) і здолела ацаніць асобныя кампазіцыі некаторых “забугорных” рок – груп. Да любові справы не дайшло. Што ж адбывалася ў гэты вечар у музычным цэнтры “Панарама”? Я не чакала (і як высветлілася пазней, арганізатары канцэрта не чакалі таксама), што прыйдзе такая значная колькасць людзей. Зала была, без перабольшвання, запоўнена напалову, што для падобных канцэртаў лічыцца добрым. Кантынгент – у аснойным падлеткі і маладыя людзі. Выступленне артыстаў пакінула наступнае ўраджанне. Музыканты ігралі выдатна – супраць прафесіяналізму высокага ўзроўню нічога не скажашь. Вакал, на мой погляд, дастойны лепшых падмосткаў, на тэлебачанні такі не часта пачуешь. Сама па сабе музыка...Не буду нічога гаварыць, бо ў року мала разумею, а “падабаецца – не падабаецца” – не крытэрый. Але, прызнацца сумленная, хаця я гэтага і не чакала, дзве – тры кампазіцыі “прабралі” мяне здорава. Тэксты? Канешне, гэта – не высокая паэзія і нават не ранні Андрэй Макарэвіч. Магчыма, і не трэба падыходзіць да іх з вельмі строгімі меркамі, але, калі не памыляюся, у року тэксты павінны ўсё ж несці большую нагрузку, чым у той жа папсе. У любым выпадку, “джэнтэльменцкі набор” тэрмінаў, якія абявязкова імкнецца абыграць у сваёй творчасці ледзь не кожны рок – музыкант, у “LSD” і “Столле” прысутнічаў: “любоў” і “кроў”, “свечы” і “зоркі”, і, канешне, глыбакадумныя разважанні аб сэнсе (ці бессэнсоўнасці) нашага тленнага жыцця. Дзеля справядлівасці адзначу, што вышэйсказанае аб тэкстах меней адносіцца да “LSD”, бо спявалі яны на англійскай мове, а я, хоць і вучыла ( і нядрэнна!) яе ў трох навучальных установах, але...Тым не менш, мяне запэўнілі, што тэксты гэтыя высакакласныя, піша іх вядомы лідскі перакладчык Валерый Жалязняк, які выдатна валодае не толькі класічнай англійскай мовай, але і амерыканскім сленгам (менавіта яго больш ужываюць пры складанні рокавых тэкстаў). Не буду падрабязна спыняцца на афармленні сцэны і спецэфектах, на тым, з якім захапленнем прымала публіка асобныя нумяры, на цынічна – праставатым гумары вядучых, на занадта экстравагантных паводзінах дайшоўшых да экстазу прыхільніц музыкантаў. Я не буду “мусольць”: што добра, а што – дрэнна. Па – мойму, гэта – звычайныя атрыбуты нармальнага рок – канцэрта. Ды і мне здаецца, што аматараў творчасці груп “Столле” і “LSD” больш цікавяць думкі саміх музыкантаў, прафесіяналаў.

Інтэрв’ю з прадзюсерам фестывалю АЛЯКСАНДРАМ СВІРЫДАВЫМ:

- У графіку гастрольных канцэртаў фестывалю стаяць розныя калектывы, у тым ліку – папулярныя расійскія і беларускія. Частка тура прысвечана лідскаму року. І лідкі рок дзякуючы мазырскай АРТ – Студыі з’яўляецца асноватворным па прафесіяналізму. Група “Столле”, у прыватнасці, лічыцца одной з самых моцных інструментальных груп на Беларусі, а можа і ў СНД. Зараз стаіць пытанне аб раскрутцы гэтага калектыву для цэнтральных пляцовак ( у буйных гарадах, сталіцы), а гэта няпроста, бо правінцыяльныя групы ніколі там попытам не карысталіся. Я нават сказаў бы так: “Столле” – адзіны лідскі калектыў, у якога зараз ёсць рэальная перспектыва прарвацца на расійскую сцэну.
Пачынаючы гастролі групы “Столле” з Ліды, мы не разлічвалі на якійсьці фінансавы поспех і што публіка валам паваліць. Гэты калектыў ужо столькі разоў выступаў у Лідзе, што усіх музыкантаў ведаюць тут па імёнах. Але, па прычыне таго, што Лідчына – гэта радзіма музыкантаў, мы вырашылі, што спачатку яны ябавязкова павінны выступіць у нас.
- Вы сказалі, што радзіма музыкантаў - менавіта Лдічына...
-
Чаму – не сама Ліда? Справа ў тым, што першапачаткова гэта быў бярозаўскі калектыў з іншай назвай. Паступова состаў яго мяняўся, а пазней да яго далучыоіся мацнейшыя лідскія музыканты. Апошнія 4 гады састаў “Столле” пастаянны. А наогул, датай заснавання групы лічыцца 1991 год. “Столле” запісала тры альбомы. Хутка на АРТ – Студыі пачнецца праца над чацвёртым.
- Дарэчы, адкуль такая назва – “Столле”?
-
Ад прозвішча польскага інжынера Столле, які заснаваў шклозавод у Бярозаўцы.
- Падчас канцэрта музыканты актыўна рэкламіравалі лідскае піва.
-
Мы дапамагаем нашаму піўзаводу і з рэкламай па тэлебачанні. А яны дапамагаюць нам. У нас склалася ўзаемавыгаднае і вельмі ўдалое супрацоўніцтва з гэтым прадпрыемствам.
- Куды далей праляжа шлях лідскіх музыкантаў?
-
У бліжэйшы час – у Гродна, Барысаў, Бабруйск, Мазыр...Па ўсёй Беларусі.

Эпізод інтэрв’ю з кіраўніком рок – групы “ LSD ”( і адначасова вакалістам “Столле”) СЯРГЕЯМ КАРПЕНКАМ:

-
У апошні час мы звязваем асаблівыя надзеі з мазырскай АРТ – Студыяй, якая арганізавала гэты тур. Справа ў тым, што мы падпісалі з ёй кантракт, па якім гэта фірма будзе аказваць нам падтрымку не толькі апаратурай у час канцэртаў, але і прадстаўляць сваю студыю для запісу альбомаў. Каб вы мелі больш дакладнае ўяўленне аб АРТ – Студыі, варта ўпамянуць тое, што яна не толькі мае аснашчаную па апошняму слову тэхнікі студыю гуказапісу, але і забяспечана самым магутным на Беларусі фірменым гукам і светам. Гэта мазырская фірма агучвае канцэрты ўсіх зорак, якія прыязджаюць на Беларусь, - ад Алы Пугачовай да сусветнавядомай англійскай групы “ Deep purple ”.
Сённяшняе мерапрыемства ў Лідзе – не поўнамаштабны канцерт. Гэта – пробны шар. У Лідзе нас усе ведаюць, таму рэакцыя гэтай публікі асабліва цікавая. Яшчэ б хацеў зазначыць, што для сённяшняга канцэрта апаратуру нам прадставіў музычны цэнтр “Панарама”, і мы вельмі ўдзячны за гэта дырэктару цэнтра Аляксанлру Шокалю, які, дарэчы, пастаянна дапамагае нам у нашай працы.

Працяг размовы – з гітарыстам групы “ LSD ” ЮРЫЕМ ЯКУШЫКАМ:

- Юрый, калі і як узнікла ваша група?
-
“ LSD ” існуе з 1992 года. Сяргей Карпенка ўбачыў выступленне групы, у якой я тады працаваў. Пасля канцэрта ён падышоў да мяне з прапановай зрабіць разам новы праект і назваць яго “ LSD ”. Мы ўзялі яшчэ барабаншчыка. І справа пайшла. Ігралі ў зборгых канцэртах. Сольнікі давалі ў Лідзе.
- Над чым вы зараз працуеце?
-
Над альбомам “Віртуальны псіхоз”.
- Чаму спяваеце менавіта на англійскай мове?
-
Бо гэта - мова такой музыкі. Чаму сапраўдную оперу спяваюць па італьянскай, а рамансы – на русскай мове? Бо гэта патрабуе жанр. Калі, напрыклад, мангольскія сузыканты пачнуць спяваць рок па – мангольску, уяўляеце, што гэта такое атрымаецца?!
- Але ж рускія спяваюць па – руску.
-
Рускі рок – гэта асобнае цячэнне, якое на Захадзе ніхто не ўспрымае і не слухае.
- А як жа тады вы кваліфікуеце беларускі рок?
-
Беларускага року не існуе. Ёсць па асобку музыка і словы пратэсту.

Ад аўтара. Вось такое катэнарычнае меркаванне музыканта англамоўнай групы “ LSD ” аб рок – музыцы. Ты мне менш, кіраўнік гэтай групы Сяргей Карпенка адначасова цудоўна і без комплексаў спявае па – русску ў групе “Столле”. А яшчэ я даведалася, што абодва калектыва музыкантаў – у вельмі добрых адносінах. Інакш бы і не прымалі ўдзел у фестывалі ў адной звязцы! Так што, у думках мы ўсе імкнемся да ідэалу, а жівём і працуем... як атрымліваецца.

А калі шчыра, то хочацца пажадаць музыкантам “ LSD ” і “Столле” здзяйснення іх мар, і не толькі таму, што яны – нашы землякі, а таму, што сапраўды заслугоўваюць значна больш шырокага прызнання.

С.Козлова


All Rights Reserved
При публикации материалов ссылка на данный сайт обязательна.
Copyright © 2006-2009
Web-design by Tatyana Obolevich

Последнее обновление:

Hosted by uCoz